Пошук

Пантыфік: Евангелле – не ідэалогія, а пасланне радасці

Разам з Езусам Хрыстом нараджаецца і адраджаецца радасць, - нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 15 лістапада 2023 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прапанаваў цягам бліжэйшых тыдняў падсумаваць свой катэхетычны цыкл аб апостальскай руплівасці, абагульніўшы яго ў чатырох пунктах, натхнёных Апостальскай адгартацыяй Evangelii gaudium, якой сёлета споўнілася дзесяць гадоў. Першы з іх – радасць у евангелізацыйнай дзейнасці.

Пантыфік нагадаў, што хрысціянскае пасланне – гэта пасланне “вялікай радасці” (Лк 2,10), прычынай якой з’яўляецца Асоба – Езус Хрыстус. “Вось чаму расчараваны, сумны, незадаволены ці, яшчэ горш, крыўдлівы і злапамятны хрысціянін не пераканаўчы. Ён будзе казаць пра Езуса, але ніхто яму не паверыць!”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што евангелізацыя – гэта справа бескарыслівасці, у яе аснове знаходзіцца напоўненасць. Ён падкрэсліў таксама, што “Евангелле – гэта не ідэалогія”, а менавіта “пасланне радасці”. “Сустрэча з Езусам заўсёды прыводзіць цябе да радасці і калі гэтага не адбываецца, значыць не было сапраўднай сустрэчы з Ім”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што першымі евангелізаванымі павінны быць самі вучні Езуса – хрысціяне. Занураныя ў сучасную імклівую і заблытаную атмасферу, яны могуць змірыцца з тым, што да Евангелля больш не прыслухоўваюцца і што не варта прыкладаць намаганняў для яго абвяшчэння. “У нас можа ўзнікнуць спакуса дазволіць “іншым” ісці сваім шляхам. Між тым гэта момант, каб вярнуцца да Евангелля, каб адкрыць, што Хрыстус “заўсёды малады і з’яўляецца пастаяннай крыніцай навізны” (Evangelii gaudium, 11), - сказаў ён.

Сустрэча з Хрыстом, як гэта здарылася з евангельскімі вучнямі, што вярталіся ў Эмаус з Ерузалема пасля крыжовай смерці Настаўніка, дазваляе “вярнуцца да паўсядзённага жыцця з энтузіязмам людзей, якія знайшлі скарб”. “І такім чынам мы адкрываем для сябе, што чалавецтву патрэбны словы надзеі. Евангелля чакаюць і сёння: у ім мае патрэбу сучасны чалавек і чалавек кожнай эпохі, у тым ліку цывілізацыя запраграмаванага нявер’я і інстытуцыяналізаванага секулярызму; больш за тое, асабліва грамадства, якое пакідае пустыннымі прасторы рэлігійнага сэнсу, якому патрэбны Езус. Цяпер спрыяльны момант для абвяшчэння Езуса”, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў словы з Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium: “Радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам, хто дазваляе Яму вызваліць сябе ад граху, смутку, унутранай пусткі ды адасобленасці. З Езусам Хрыстом заўсёды нараджаецца і адраджаецца радасць. Я запрашаю кожнага хрысціяніна, незалежна ад месца і сітуацыі, у якой ён знаходзіцца, аднавіць сёння сваё асабістае спатканне з Езусам Хрыстом” (1.3)

“Разам з Езусам Хрыстом нараджаецца і адраджаецца радасць. Давайце не будзем забываць пра гэта. І калі нехта з нас не адчувае гэтай радасці, няхай запытаецца ў сябе ці знайшоў ён Езуса”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы ўсіх хрысціян аднавіць сваю асабістую сустрэчу з Хрыстом, адкрываючы Яго як Асобу, а не як ідэю; як спадарожніка на шляху, а не як праграму; як любоў, якая вырашае многія праблемы; як пачатак евангелізацыі і крыніцу радасці.
 

15 лістапада 2023, 10:12

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >