Папа: сужэнская любоў патрабуе гатоўнасці да дыялогу і прабачэння
Марыя Валодзіна - Vatican News
"У Евангеллі сённяшняй літургіі (пар. Мк 10, 2-16) Езус гаворыць нам пра сужэнскае каханне. Як і раней, некаторыя фарысеі задаюць Яму правакацыйнае пытанне на спрэчную тэму: пра развод жонкі з мужам. Яны хацелі б уцягнуць Яго ў спрэчку, але Ён не паддаецца, а наадварот, выкарыстоўвае гэтую магчымасць, каб звярнуць іх увагу на больш важную тэму: каштоўнасць кахання мужчыны і жанчыны", - сказаў Пантыфік.
Папа зазначыў, што ў часы Езуса становішча жанчыны ў шлюбе было вельмі неспрыяльным: муж мог выгнаць, адмовіцца ад жонкі нават па нязначных прычынах, і гэта апраўдвалася фармальным тлумачэннем Святога Пісання. Пан нагадаў сваім суразмоўцам, што “жанчына і мужчына былі створаны Творцам роўнымі ў годнасці і дапаўняльнымі ў адрозненнях, каб быць адно для аднаго дапамогай, кампаньёнамі, але адначасова стымулам і выклікам для росту (пар. Быц 2, 20-23)”, - сказаў Святы Айцец.
“Каб гэта адбылося, іх узаемны дар павінен быць поўным, усеабдымным, без паўмер: каб гэта было пачаткам новага жыцця (пар. Мк 10, 7; Быц 2, 24), прызначанага доўжыцца не пакуль падабаецца, а назаўжды, узаемна прымаючы адно аднаго і жывучы разам як "адно цела" (пар. Мк 10, 8; Быц 2, 24). Вядома, гэта патрабуе вернасці, нават у цяжкасцях, павагі, шчырасці, прастаты (пар. Мк 10, 15). Патрабуе гатоўнасці да дыялогу, часам, калі неабходна, да дыскусіі, але заўсёды – гатоўнасці да прабачэння і прымірэння,” - параіў Францішак, заклікаючы сужонкаў заўсёды мірыцца пасля спрэчкі.
“Не будзем забываць таксама, што для сужонкаў важна быць адкрытымі да дару жыцця – дзяцей, якія з'яўляюцца самым прыгожым плёнам любові, найвялікшым Божым благаслаўленнем, крыніцай радасці і надзеі для кожнай сям'і і для ўсяго грамадства”, - нагадаў Святы Айцец, заахвочваючы вернікаў нараджаць больш дзяцей. “Каханне патрабавальнае, але і прыгожае”, і дазваляе нам адкрыць “сапраўднае шчасце”, - дадаў ён.
Папа заклікаў вернікаў спытаць сябе: якая мая любоў? Ці верная яна? Ці шчодрая? Якія нашы сем'і: ці адкрытыя яны да жыцця, да дару дзяцей? Ці падтрымліваем мы ў нашых супольнасцях сем'і, асабліва маладыя, і тыя, што сутыкаюцца з цяжкасцямі?
Пантыфік заклікаў Панну Марыю дапамагаць сужонкам, звяртаючыся да яе ў духоўнай еднасці з вернікамі, якія сабраліся ў санктуарыі ў Пампеях на традыцыйную малітву да Маці Божай Ружанцовай.