Пантыфік: Адвэнт – каштоўная нагода, каб узняць вочы да Езуса

Бог здзяйсняе збаўленне нават у самыя драматычныя моманты гісторыі, - нагадаў Святы Айцец падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 1 снежня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак нагадаў, што Евангелле літургіі першай нядзелі Адвэнту кажа пра “касмічныя катаклізмы, трывогу і страх у чалавецтве”. У гэтым кантэксце Езус звяртаецца да сваіх вучняў з словам надзеі: “Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне” (Лк 21,28). “Настаўнік заклапочаны тым, каб іх сэрцы не былі абцяжараны, і каб яны ў чуванні чакалі прыйсця Сына Чалавечага”, - адзначыў Папа.

Пантыфік заўважыў, што многія сучаснікі Езуса, сутыкаючыся з катастрафічнымі падзеямі, што адбываліся вакол іх – пераследам, канфліктамі, прыроднымі катастрофамі, – ахопленыя трывогай, думалі, што набліжаецца канец свету. Таму іх сэрцы былі апанаваныя страхам.

“Але Езус хацеў вызваліць іх ад цяперашніх пакут і памылковых перакананняў, паказваючы як працягваць чуваць у сэрцы, як чытаць падзеі з перспектывы задумы Бога, які здзяйсняе збаўленне нават у самыя драматычныя моманты гісторыі. Таму Ён прапануе ім узняць погляд да Неба, каб зразумець тое, што адбываецца на зямлі: “Выпрастайцеся і падыміце галовы”,” - патлумачыў Святы Айцец.

“Браты і сёстры, парада Езуса важная і для нас: “Каб сэрцы вашыя не былі абцяжараны”. Усе мы, у многія моманты жыцця, задаём сабе пытанне: як зрабіць так, каб мець “лёгкае”, бадзёрае і свабоднае сэрца? Сэрца, якое не дазваляе прыгнеціць сябе смуткам? Бо бывае, што трывогі, страхі і праблемы ў асабістым жыцці або ў свеце ў цэлым, быццам камяні, ціснуць на нас і ўводзяць у роспач. Калі турботы абцяжарваюць сэрца і прымушаюць нас замыкацца ў сабе, Езус, наадварот, запрашае нас падняць галаву, давяраць Яго любові, якая хоча збавіць нас і знаходзіцца побач у кожнай сітуацыі нашага жыцця, запрашае вызваліць месца для Яго, каб зноў адшукаць надзею,” - запэўніў Святы Айцец.

“Таму давайце спытаем сябе: ці маё сэрца апанавана страхам, турботамі, трывогамі за будучыню? Ці ўмею я глядзець на штодзённыя падзеі і гісторыю вачыма Бога, у малітве, маючы больш шырокі гарызонт? Або паддаюся суму? Гэты час Адвэнту павінен быць каштоўнай магчымасцю для таго, каб узняць погляд да Яго, які робіць “лёгкім” сэрца і падтрымлівае нас на шляху,” - сказаў Папа, заклікаючы звярнуцца з малітвай да Багародзіцы, “якая нават у моманты выпрабавання была гатова прыняць задуму Бога”.
 

01 снежня 2024, 12:10

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >