Анёл Панскі: давер да Бога вызваляе, страх паралізуе

“Давер вызваляе, страх паралізуе”, - падкрэсліў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якую 19 лістапада 2023 года правёў на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра таланты, заўважаючы, што яна паказвае два розныя спосабы адносін з Богам: першы пазначаны страхам, які паралізуе нашу дзейнасць і місію, робячы нявольнікамі, а другі – прасякнуты даверам, які робіць нас мужнымі, актыўнымі і крэатыўнымі ў здзяйсненні дабра.

Той, хто закапаў атрыманы талант, схаваўшы манету пад зямлёй, не давярае ні гаспадару, ні самаму сабе, а таксама мае памылковае ўяўленне пра Бога. “Ён не бачыць павагі і даверу Пана да яго, але дзейнасць гаспадара, які прэтэндуе на большае, чым дае; суддзю, цень цяжкіх пакаранняў якога навісае над памылкамі іншых. Гэта яго вобраз Бога: ён не здольны верыць у дабрыню Пана. Таму замыкаецца і не ўдзельнічае ў атрыманай місіі”, - сказаў Папа.

Іншыя слугі, якім гаспадар даручыў свае даброты, маюць давер, становяцца здольнымі інвеставаць і памножыць атрыманыя таланты, прымаючы рызыку ўключэння ў гульню. “Такім чынам яны маюць адвагу дзейнічаць свабодна, з крэатыўнасцю, ствараючы новыя багацці”, - заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што страх і давер – гэта раздарожжа, на якім пастаянна апынаецца чалавек. У такой сітуацыі выбар хрысціяніна ясны: даверыцца Нябеснаму Айцу, які заўсёды любіць сваіх дзяцей.

“Як галоўныя героі прыпавесці, таксама і мы – усе мы – атрымалі таленты, нашмат больш каштоўныя за грошы. Але тое, як інвестуем іх, шмат у чым залежыць ад даверу да Пана, які вызваляе нашы сэрцы, дапамагае стаць актыўнымі і крэатыўнымі ў здзяйсненні дабра. Давер вызваляе, страх паралізуе”, - сцвердзіў Папа, заклікаючы не дазваляць няўпэўненасці паралізаваць нас.

Гэта, на яго думку, тычыцца таксама Касцёла. “Ці ўзрошчваем мы ў нашых асяроддзях атмасферу даверу і ўзаемнай павагі, якая раскрывае людзей і стымулюе ўсіх да крэатыўнасці ў любові?”, - прапанаваў задумацца Святы Айцец.

Пасля сустрэчы з вернікамі на марыйнай малітве Францішак раздзяліў абед з тысячамі бедных, якія сабраліся ў Ватыкане з нагоды VII Сусветнага дня бедных.
 

 

19 лістапада 2023, 12:15

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >